УСХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ,

прыродная краіна (часам разглядаецца як група прыродных краін) у Азіі, якая прымыкае да Ціхага ак. ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах, на Пд ад 60° паўн. шыраты. У межах У.А. размешчаны ўсх. ч. тэр. Рас. Федэрацыі і Кітая, Японія, КНДР, Рэспубліка Карэя; часам да яе адносяць Філіпіны. У рэльефе сярэдневышынныя і высокія горы і нагор’і (Джугджур, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія, Паўд.-Кітайскія і інш.) чаргуюцца з буйнымі акумулятыўнымі раўнінамі (Прыамур’я, Паўн.-Усх. Кітая, Вял. Кітайская). Значная ч. У.А. ў межах Зах.-Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса. Характэрны вулканізм (на Камчатцы і горна-астраўных дугах), моцная сейсмічнасць. Клімат мусонны з вільготным летам і адносна сухой зімой. Летам і восенню бываюць тайфуны, навадненні. Натуральная расліннасць — пераважна лясы, на Пн — мяшаныя і таежныя, на Пд шыракалістыя субтрапічныя і трапічныя. У менш вільготных раёнах — лесастэпавыя і стэпавыя фармацыі.

т. 16, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)